Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы

21.02.2024

Традыцыйна у рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы у дзяржаўнай установе адукацыі "Дзіцячы сад аг.Путрышкі" праходзілі мерапрыемства, прысвечаныя гэтай даце. Яны былі накіраваны на выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту паважлівых адносін да беларускай мовы і культуры, фарміраванне любові да сваёй Радзімы, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму.

Выхаванцы малодшай групы з задавальненнем слухалі пястушкі, забаўлянкі, калыханкі, песенькі, для якіх характэрны рытмічнасць і напеўнасць. Гэта спрыяе іх лёгкаму ўспрыманню і хуткаму запамінанню. Вельмі любяць нашы выхаванцы адгадваць загадкі, таму ім спадабалася прымаць удзел у “Вечары беларускіх загадак”. У дашкольных групах у залежнасці ад узросту прайшлі гутаркі “Не проста ў словы я гуляю – на роднай мове размаўляю”, “Размаўляем па-беларуску”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і іншыя. Як вядома, самы любімы від дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту – гэта гульня. Развіваць маўленчыя здольнасці выхаванцаў дапамагае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе беларускіх народных рухальных і карагодных гульняў. Іх вобразы і сюжэты простыя і блізкія дзецям. Нашы выхаванцы з задавальненнем гулялі ў беларускія гульні “Гарлачык”, “Шэры кот” і іншыя. Не менш цікавымі для нашых дзяцей былі гульнявыя заданні, дыдактычныя гульні “Складзі арнамент”, “Адгадай па апісанні”, “Апішы прадмет”, “Што для чаго”, “Скажы па-беларуску” і іншыя. А ладзячы рэжысёрскія гульні з макетам сялянскай хаткі, нашы дзеткі змаглі праявіць сваю творчасць, уяўленне, моўныя здольнасці, веданне прадметаў побыту. Выхаванцы групы "Валошка" прымалі ўдзел у "Беларускіх вячорках" . Праз знаёмства і гульню на народных інструментах, праз слуханне і спевы беларускіх народных песень, праз беларускі народны танец дзеці вучыліся  з павагай ставіцца да мінулага, да нашых продкаў. Дзеткі праяўлялі  цікавасць да традыцый нашай краіны, а таксама з асалодай слухалі родную мову і самі размаўлялі на ёй.

Мы спадзяемся, што мерапрыемствы, якія былі праведзены ў нашай установе, садзейнічалі фарміраванню ў дзяцей каштоўнага стаўлення да беларускай мовы, станоўчай матывацыі да авалодання ёю.